Беларуская мова. 3 клас. Урок: План тэксту

План канспект урока Беларускай мовы ў 3 класе.

урок План тэксту

Тэма урока: План тэксту

Мэты урока:

1. Даць уяўленне пра план тэксту, яго сэнсавыя часткі, паказаць суаднесенасць паміж сэнсавымі і структурнымі часткамі тэксту;

2. Фарміраваць уменне дзяліць тэкст на сэнсавыя часткі, даваць кожнай частцы загаловак і складаць план тэксту;

3. Развіваць фанематычны слых, вымаўленчыя навыкі, вуснае маўленне, пазнавальную актыўнасць;

4. Выхоўваць пачуццё адказнасці за ўласныя ўчынкі.

Ход урока

I. Праверка дамашняга задання

— Прачытайце тэкст «ланцужком».

— Пра што гаворыцца ў кожным сказе?

— Якую галоўную думку выказвае аўтар?

— Назавіце загалоўкі, якія вы прапанавалі б да тэксту.

— Якую думку яны перадаюць?

— Якое прызначэнне загалоўка.

— Пракаментуйце правапіс слоў тэксту.

II.   Паўтарэнне

— Што такое тэкст?

— Якія структурныя часткі ёсць y тэксце?

— Якое іх прызначэнне?

— Прачытайце тэкст практыкавання 23 падручніка. Растлумачце загаловак.

— Якія словы вы не зразумелі?

— Прачытайце тэкст «ланцужком».

— Якія былі браты-баравічкі?

— Чым быў незадаволены малодшы брат-баравічок?

— Чаму рассыпаўся старэйшы брат?

— Якім стала жыццё малодшага брата?

— Чаму потым пачаліся цяжкія дні?

— Якая галоўная думка тэксту?

— Прачытайце пачатак тэксту. Пра што ў ім паведамляецца?

— Якая тэма раскрываецца ў гэтай частцы тэксту? Запішыце:

1.   Жылі два браты-баравічкі.

— Прачытайце асноўную частку. Пра што ў ёй гаворыцца?

— Якая тэма раскрываецца ў гэтай частцы тэксту? Запішыце з чырвонага радка:

2.   Малодшы брат наракаў на старэйшага.

— Прачытайце канцоўку. Пра што ў ёй гаворыцца?

— Якая тэма раскрываецца ў гэтай частцы тэксту? Запішыце з чырвонага радка:

3.   Малодшаму брату не было каму дапамагчы.

— У кожнай частцы тэксту выказваецца нейкая важная думка. З дапамогай сказаў мы занатавалі тэмы кожнай часткі тэксту і прадставілі змест тэксту ў вельмі скарочанай форме. Як вы думаеце, навошта трэба ўмець прадстаўляць тэкст y скарочанай форме?

III. Новая тэма

— Каб прадставіць змест і будову тэксту скарочана, робяць план тэксту. Прачытайце план апавядання «Жыў-быў вожык» Янкі Брыля.

1. Taтa прынёс вожыка.

2. Вожык тупацеў усю ноч.

3. Тупцік хацеў «пасябраваць» з люстэркам.

4. Добра Тупціку на волі.

— Колькі сэнсавых частак y тэксце?

— Пра што можа гаварыцца ў кожнай?

— Назавіце дзеючых асоб. Што вы можаце пра іх сказаць?

— Паспрабуйце вызначыць тэму і галоўную думку тэксту.

— Пра што вы даведаліся з плана апавядання?

— План тэксту перадае яго змест і будову.

— Паслухайце сказы і скажыце, да якога пункта плана можна аднесці кожны з іх.

Нашага вожыка тата злавіў y лесе і прынёс y кішэні дахаты. Спачатку вожык ляжаў, як клубок. Як толькі ў хаце зрабілася ціха, па дошках падлогі затупацелі маленькія мяккія ножкі. Вожык тупацеў усю ноч. За гэта мы пачалі называць яго Тупцікам.

— Па якіх пунктах плана вы не атрымалі інфармацыі?

— Па гэтых пунктах плана прыдумайце свой змест y адпаведнасці з назвай пункта плана. Запішам сказы пад дыктоўку з каментаваннем.

IV. Замацаванне

— Паслухайце часткі тэксту. Выберыце з прапанаваных на дошцы такія подпісы, якія найбольш адпавядаюць сэнсу кожнай часткі.

Частка 1Лужына.Юра пераскочыў цераз лужыну.

Хлопчык намок і спужаўся.

Частка 2Гліна паклікала Юру.Юра вымазаў касцюмчык глінай.

Юра ўзяўся за работу.

Частка 3Плот «дражніцца».Высокі плот.

Парваная куртачка.

Частка 4Юра разгубіўся.Юра павініўся перад маці.

Ногі прынеслі Юру дадому.

(Настаўнік чытае часткі тэксту. Пасля чытання кожнай часткі вучні вызначаюць яе галоўную думку. Потым чытаюць прапанаваныя выказванні і выбіраюць тое, якое найбольш падыходзіць да зместу часткі, перадае яе галоўную думку. Абранае выказванне пакідаюць на дошцы, астатнія выціраюць. Так атрымліваецца запіс плана тэксту.)

Лужына яшчэ здалёк убачыла Юру і ўзрадавалася.

— Бяжы сюды, пагуляй са мной! — паклікала яна. Юра з разгону пераскочыў цераз лужыну, толькі пырскі ва ўсе бакі паляцелі з-пад чаравікаў.

— Давай гуляць, хто вышэй падскочыць, — сказаў Юра. Лужына, нібы дураслівае шчаня, то адступала перад хлопчыкам, то хапала яго за ногі, узлятала фантанам і абсыпала дажджом. Нарэшце яна так раз-дурэлася, што абліла Юру з галавы да ног.

— Ай! — спужаўся хлопчык. — Што я цяпер буду рабіць?

— Бяжы да мяне! — паклікала Юру гліна, што ляжала непадалёку. — Мяне дождж размачыў, і ты налепіш сабе цацак.

Прысеў Юра перад глінай і ўзяўся за работу. Вылепіў ракету, паставіў яе на пляцоўку для запуску. Побач выстраіліся самалёты і самазвалы.

Зірнуў Юра на свой касцюмчык, уздыхнуў і пабег па вуліцы.

Тут убачыў яго высокі плот і пачаў дражніцца:

— A ты не ведаеш, што я за спіной хаваю?

— Падумаеш, адказаў Юра, — узлезу на цябе і пагляджу.

— Не, не ўзлезеш. Я высокі.

Падбег Юра да плота і пачаў карабкацца. Узабраўся, сеў, паглядзеў наўкол і сказаў:

— Хто перамог?

— Пабачым, як ты злезеш, — усміхнуўся плот.

— Магу нават саскочыць, — пахваліўся Юра.

— A я цябе не пушчу, — плот учапіўся сучком за Юркаву куртачку.

— A я ўсё роўна саскочыў, — адказаў Юра, апынуўшыся на зямлі. I тут ён убачыў што куртачка парвалася.

Спалохаўся Юра, разгубіўся. Ногі самі прынеслі Юру дадому.

— На каго ты падобны! — пляснула рукамі маці.

— Я незнарок, — адказаў Юра.

(Паводле В. Габука).

— Адкажыце на наступныя пытанні:

— Ці можна апраўдаць Юру за тое, што ён зрабіў шкоду незнарок?

— Што хацеў сказаць аўтар, надзяляючы лужыну, плот, гліну рысамі жывых істот?

— Хто вінаваты ў тым, што Юра прыбег дадому такім брудным?

— На якую тэму гэты тэкст? Якая яго галоўная думка?

— Прачытайце план тэксту, які вы зараз праслухалі.

— Вусна задайце пытанні па кожным пункце плана. З дапамогай чаго змест тэксту запамінаецца лепш?

— Прыдумайце яшчэ адну частку тэксту, якая будзе расказваць пра вынік размовы Юры з маці. Дайце гэтай частцы назву. Запішыце план тэксту.

Тэкст можа падзяляцца на сэнсавыя часткі. Кожная сэнсавая частка тэксту прысвечана асобнай тэме.

Тэма кожнай сэнсавай часткі тэксту ці пытанне да яе з’яўляецца асобным пунктам плана тэксту.

— Прачытайце план тэксту, запісаны на дошцы, і апорныя словы да кожнага пункта плана (у дужках).

1.  Адчайны птушыны лямант (Дзеці гулялі, пачуўся лямант сігналізаваў пра бяду, птушыны лямант, птушка зачапілася, небяспечны дрот.)

2. Дзеці шукаюць дапамогу. (Патрэбна лесвіца, пабеглі за манцёрам, просьба аб дапамозе.)

3. Прыйшло выратаванне. (Электрычнасць адключана, кволая птушачка, радасны момант, цяжка дыхае, удзячная птушка, слухаюць спеў.)

— Раскажыце, які малюнак паўстае ва ўяўленні.

— Здагадайцеся пра змест тэксту. Раскажыце яго па плану.

V.   Дамашняе заданне

Практ. 26.

VI. Вынік урока

— Для чаго патрэбны план тэксту?

— Што перадае план тэксту?

— Якія часткі тэксту прадстаўлены ў плане?

Урокі у пач. школе>>>

Наступныя урокі беларускай мовы:

План тэксту (замацаванне)

Развіццё пісьмовага маўлення. Навучальны пераказ

Чтобы не пропустить ничего, что происходит и публикуется на блоге, подписывайтесь ЗДЕСЬ. И не забудьте оставить чуть ниже свой комментарий 😉 Я ценю ваше мнение!

С уважением и любовью, Татьяна Саксон

Скажите спасибо, поделитесь с друзьями -

И моя благодарность останется с вами!

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика