Беларуская мова. 3 клас. Тэма ўрока: Правапіс дзеясловаў на -цца, -ся (2-я гадзіна)

План-канспект урока Беларускай мовы ў 3 класе.

Правапіс дзеясловаў 3 клас

Тэма ўрока: Правапіс дзеясловаў на -цца, -ся (2-я гадзіна)

Мэты ўрока:

1. Выпрацоўваць навык правільнага напісання дзеясловаў на -цца, -ся;

2. Фарміраваць уменне ставіць дзеясловы ў патрэбную граматычную форму і правільна ўжываць іх у вусным і пісьмовым маўленні;

3. Вучыць адрозніваць дзеясловы прошлага часу, вызначаць іх род і лік;

4. Практыкаваць ва ўстанаўленні значэнняў незнаемых слоў з дапамогай слоўніка, асэнсоўваць прыказкі;

5. Фарміраваць навыкі самакантролю за вымаўленнем;

6. Развіваць фанематычны слых, маўленне, памяць;

7. Выхоўваць павагу да працы, пачуццё замілавання роднай прыродай.

Ход урока

I. Арганізацыйны момант

ІІ. Праверка дамашняга задання

— Прачытайце дзеясловы прошлага часу, назавіце род. Які зычны ў суфіксе?

— Змяніце дзеясловы з верша, паставіўшы іх ў мужчынскім родзе. Які зычны ў суфіксе дзеясловаў прошлага часу мужчынскага роду?

III. Замацаванне

1) — Хто назіраў усход сонца? Калі, дзе і як гэта адбывалася? Раскажыце.

— Паслухайце верш, запісаны на дошцы.

Усход сонца

На ўсходзе неба грае

Пераліўным блескам,

Сыпле золата над гаем

і над пералескам.

Чуць-чуць дрогне, праліецца

Чырвань на ўсходзе —

Гэта неба ўсміхнецца

Людзям і прыродзе.

Я. Колас.

— Як вы разумееце выразы «неба грае», «сыпле золата»?

— З чым параўноўвае аўтар з’яўленне сонечных промняў на ўсходзе?

— Прачытайце верш. Знайдзіце дзеясловы. Вызначце іх час.

— Растлумачце правапіс дзеясловаў другога слупка верша.

— Спішыце другі слупок верша, падкрэсліце і растлумачце арфаграмы.

2) — Хто спрабаваў бярозавік?

— Калі і як яго збіраюць?

— Прачытайце.

Бярозавік — добры напітак. Ім ласуюцца і лясныя жыхары — дзятлы, берасцянкі, дразды. Дзятлы робяць у кары бяроз адтулінкі і п’юць з іх салодкі сок. Іншыя птушкі частуюцца з посуду.

Паводле Р. Ігнаценкі.

адтулінкі — отверстия

— Хто ласуецца бярозавікам?

— Як гэта робяць дзятлы? А як іншыя птушкі?

— А вы спрабавалі бярозавік? Які ён на смак?

— Знайдзіце ў тэксце дзеясловы, якія па значэнні з’яўляюцца сінонімамі.

— Выпішыце з тэксту словы з арфаграмамі, растлумачце іх правапіс.

— Вызначце час і лік дзеясловаў.

— Разбярыце па складзе словы лясныя, бярозавік.

3) — Утварыце сказы, прачытаўшы словы і спалучэнні слоў па стрэлках. (Калі магчымасці вучняў класа дазваляюць, можна прапанаваць самім вучням злучыць патрэбныя словы і спалучэнні слоў у слупках стрэлкамі. У гэтым выпадку стрэлкі на дошцы настаўнік не чэрціць.)

3 клас правапіс дзеясловаў

— Складзіце тэкст. Дайце яму загаловак. Запішыце.

— На што заканчваюцца дзеясловы? У чым адрозненне ад рускай мовы?

— Падкрэсліце галоўныя члены сказа.

4) Развіццё маўлення!

Як Андрэйка адпачываў

Раніцай, у нядзелю тэта сказаў:

— Нарэшце дачакаўся выхаднога дня. Прэч клопаты! Сёння я адпачываю.

I глянуў на Андрэйку:

— А ты, сынок, згодны адпачываць са мной?

— Згодны.

— Але адпачываць мы будзем з карысцю.

— Як гэта? — здзівіўся Андрэйка.

— Перш-наперш пойдзем у сад…

Апорныя словы: пасадзілі яблынькі, ускапалі градкі, пакалолі дровы, стаміліся.

— Прачытайце загаловак. Паслухайце пачатак тэксту. Як вы думаеце, пра што пойдзе гаворка? Прачытайце апорныя словы. Прыдумайце і раскажыце працяг тэксту.

—  Ці адпавядае загаловак зместу тэксту? Чаму так назвалі тэкст? Раскажыце, як вы дапамагаеце дарослым на лецішчы.

5*) — Адкажыце на мае пытанні прыказкамі.

— Каго баіцца напалоханая варона? (Напалоханая варона і вераб’я баіцца.)

— Што трэба ўмець таму, хто ўмеў памыліцца? (Умеў памыліцца, умей і паправіцца.)

— Як адгукнецца? (Як гукнеш, так і адгукнецца.)

— Паўтарыце прыказкі, выразна вымаўляйце дзясловы.

— Назавіце, на што заканчваюцца дзеясловы.

— У якіх сітуацыях можна ўжыць гэтыя прыказкі?

IV. Дамашняе заданне

Спісаць загадку на с. 117 падручніка па літаратурным чытанні, падкрэсліць дзеясловы, вызначыць іх час і лік.

V. Вынік урока

— На што могуць заканчвацца дзеясловы ў беларускай мове?

— З дапамогай якіх суфіксаў утвараюцца ў беларускай мове дзеясловы прошлага часу?

— Які зычны ў суфіксе дзеясловаў прошлага часу мужчынскага роду? У чым адрозненне ад рускай мовы?

План-канспекты ўрокаў у пач. школе

Наступныя ўрокі беларускай мовы:

Абагульненне і паўтарэнне па тэме ”Часціны мовы”

Кантрольная дыктоўка з граматычным заданнем

Чтобы не пропустить ничего, что происходит и публикуется на блоге, подписывайтесь ЗДЕСЬ. И не забудьте оставить чуть ниже свой комментарий 😉 Я ценю ваше мнение!

С уважением и любовью, Татьяна Саксон

Скажите спасибо, поделитесь с друзьями -

И моя благодарность останется с вами!

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика