Беларуская мова. 3 клас. Дзеясловы прошлага часу. Змяненне дзеясловаў прошлага часу па родах і ліках

План канспект урока Беларускай мовы ў 3 класе.

Дзеясловы прошлага часу. Змяненне дзеясловаў прошлага часу па родах і ліках. 3 клас

Тэма ўрока: Дзеясловы прошлага часу. Змяненне дзеясловаў прошлага часу па родах і ліках

Мэты ўрока:

1. Вучыць адрозніваць дзеясловы прошлага часу, вызначаць іх род і лік;

2. Практыкаваць у вызначэнні ліку дзеясловаў цяперашняга і будучага часу;

3. Вучыць назіраць за моўнымі з’явамі, устанаўліваць значэнне незнаемых слоў з дапамогай слоўніка, вылучаць і асэнсоўваць лінгвакраязнаўчую інфармацыю тэксту;

4. Фарміраваць навыкі самакантролю за вымаўленнем;

5. Развіваць фанематычны слых, маўленне, памяць; выхоўваць пачуццё замілавання роднай прыродай.

Ход урока

I. Арганізацыйны момант

ІІ. Праверка дамашняга задання (практ. 177)

Некалькі вучняў ля дошкі выпісваюць з дамашняга практыкавання спалучэнні назоўніка з прыметнікам, вызначаюць іх род і лік.

— Прачытайце сказ, у якім гаворыцца пра тое, што робяць бярозкі. Пастаўце пытанне да дзеясловаў, назавіце іх. Якога яны часу? Што абазначаюць дзеясловы цяперашняга часу? (Дзеянне, якое адбываецца зараз.)

— Прачытайце сказ, у якім гаворыцца пра тое, што зробяць бярозкі. Пастаўце пытанне да дзеясловаў, назавіце іх. Якога яны часу? Што абазначаюць дзеясловы будучага часу? (Дзеянне, якое адбудзецца потым.)

— Дзеясловы якога часу не сустрэліся ў гэтых сказах? Што абазначаюць дзеясловы прошлага часу? (Дзеянне, якое адбывалася ці адбылося раней.)

IІI. Новы матэрыял

1) Сад цвіце.                     Сад (_____) цвіў.

Яблыня цвіце.                Яблыня (_____) цвіла.

Дрэва цвіце.                    Дрэва (_____) цвіло.

— Прачытайце сказы першага слупка. Вызначце час дзеясловаў. Ці змяніліся дзеясловы?

— Прачытайце сказы другога слупка. Вызначце час дзеясловаў. Вызначце канчаткі дзеясловаў.

— Чаму ў дзеясловаў прошлага часу розныя канчаткі?

— Вызначце род назоўнікаў.

— Замяніце назоўнікі словамі, якія дапамагаюць вызначыць род. Запішыце ў дужках. Якога роду будуць дзеясловы?

— Як вызначыць род дзеясловаў прошлага часу?

Запомніце! Дзеясловы прошлага часу адзіночнага ліку змяняюцца па родах. Яны могуць быць жаночага, мужчынскіга ці ніякага роду.

Каб вызначыць род дзеяслова прошлага часу, трэба падставіць да яго дапаможнае слова ён, яна, ці яно.

2) Вішня цвіла.

Вішні цвілі.

— Прачытайце сказы. Вызначце лік і канчаткі назоўнікаў.

— Падумайце, чаму змяніліся канчаткі дзеясловаў прошлага часу?

— Вызначце лік дзясловаў.

Запомніце! Дзеясловы прошлага часу змяняюцца па ліках. Яны могуць быць адзіночнага ці  множнага ліку.

IV. Замацаванне

1) Паслухайце ўрывак з верша Янкі Купалы.

Пушчы паважныя, зімку праспаўшыя,

Радасна песні зайгралі свае;

Лісці зашасталі, птушкі зачыркалі,

Свішча салоўка і дзяцел клюе…

Я. Купала

— Чаму аўтар называе пушчы паважнымі? Якія песні зайгралі пушчы?

— Прачытайце выразна верш, сачыце за вымаўленнем:

— Знайдзіце дзеясловы ў 2, 3, 4-м радках верша. Вызначце іх час і лік. Растлумачце, як вы гэта рабілі.

2) — Якую вясну можна назваць дружнай? Паслухайце тэкст.

Дружная вясна

Вясна выдалася дружнай і цёплай. Снег яшчэ трымаўся на палях. Але сонца прыгравала з кожным днём. Першыя праталіны зачарнеліся на палях. Кожнае дрэва стаяла ў вадзяной лунцы. Днём разлівалася вада па балотах. Ранішняе сонца ўглядалася ў лядовыя люстры. Лёгкая пара паступова пераходзіла ў цёплы туман. (Паводле М. Лынькова.)

— Назавіце веснавыя прыкметы.

— З дапамогай слоўніка даведайцеся пра значэнне слова «люстра».

— Запішыце тэкст пад дыктоўку, растлумачце арфаграмы.

— Падкрэсліце галоўныя члены сказа.

— Вызначце род і лік дзеясловаў прошлага часу. Растлумачце, як вы гэта рабілі.

3*) (праца на наборным палатне)

— Устаўце галосныя, каб атрымаліся словы — назвы ягад.

Ч_рн__ц_         м_л_н_           с_н_ц_

— Якога ліку гэтыя словы ў беларускай мове?

— Складзіце з гэтымі словамі сказы так, каб дзеясловы ўжываліся ў цяперашнім, прошлым, будучым часе.

V. Дамашняе заданне

Практ. 203. Вызначыць лік усіх дзеясловаў і род дзеясловаў прошлага часу.

VІ. Вынік урока

— Якога роду могуць быць дзеясловы прошлага часу?

— Як вызначыць іх род?

— Як вызначыць лік дзеясловаў?

Урокі для пачатковай школы

Наступныя ўрокі беларускай мовы:

Утварэнне дзеясловаў прошлага часу з дапамогай суфіксаў -ў, -л (1 г.)

Утварэнне дзеясловаў прошлага часу з дапамогай суфіксаў -ў, -л (2 г.)

Чтобы не пропустить ничего, что происходит и публикуется на блоге, подписывайтесь ЗДЕСЬ. И не забудьте оставить чуть ниже свой комментарий 😉 Я ценю ваше мнение!

С уважением и любовью, Татьяна Саксон

Скажите спасибо, поделитесь с друзьями -

И моя благодарность останется с вами!

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика